Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег…
130 гадоў са дня нараджэння Максіма Багдановіча
Максіма Багдановіча называюць песняром красы і гармоніі. Вялікая любоў жыве ў народзе да яго паэзіі, да яго самога – як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі.
Максім Багдановіч – гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў. Творчасць славутага майстра – гэта свет прыгажосці, гармоніі, асэнсавання жыцця. Ён вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. Але перш за ўсё Максім Багдановіч – арыгінальны паэт з высокім ідэйна-мастацкім узроўнем твораў, іх жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Яго вершы поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаныя тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыянальнасцю. Спадчына выдатнага майстра стала каштоўным набыткам беларускай і сусветнай духоўнай культуры.